Зямля Франца-Іосіфа


Зямля Франца-Іосіфа
Map of Franz Josef Land-en.svg
80°34′00,0″ пн. ш. 54°47′00,0″ у. д.HGЯЯO
Моржи на фоне мыса Останцового, остров Хейса.jpg
Commons-logo.svg Зямля Франца-Іосіфа на Вікісховішчы

Зямля Франца-Іосіфа (руск.: Земля Франца-Иосифа), архіпелаг у Паўночным Ледавітым акіяне, на поўначы Еўропы. Частка палярных уладанняў Расіі, уваходзіць у склад Прыморскага раёна Архангельскай вобласці. Складаецца з 191 вострава, агульная плошча 16 134 км².

Геаграфія

Зямля Франца-Іосіфа — архіпелаг на поўначы Баранцава мора. Архіпелаг высунуты далёка на поўнач, у цэнтр Арктыкі. Яго паўднёвыя астравы ляжаць паблізу 80° пн.ш., а паўночныя — пад 81°45´ пн.ш. (востраў Рудольфа).

Вылучаюць 3 астраўныя групы. Усходняя група аддзелена ад іншых Аўстрыйскім пралівам, з вялікімі астравамі Зямля Вільчака (2,0 тыс. км²), Грээм-Бел (1,7 тыс. км²). Паміж Аўстрыйскім пралівам і Брытанокім каналам знаходзіцца Цэнтральная, найбольш значная паводле колькасці, група астравоў, у т.л. астравы Рудольфа, Гукера. Заходняя група ляжыць на захад ад Брытанскага канала, яна ўключае найбуйнейшы востраў усяго архіпелага — Зямля Георга (2,9 тыс. км²) і вялікі востраў Зямля Аляксандры.

Архіпелаг, як мяркуюць, уяўляе сабой частку дарыфейскай платформы, што размяшчалася на месцы паўночнай акваторыі Баранцава мора. Астравы складзены юрскімі і кантынентальнымі ніжнемелавымі адкладамі з покрывам базальтавых лаваў, якія ўтвараюць сталовыя плато невялікай абсалютнай вышыні. Большая частка астравоў складзена з пясчанікаў, алеўрытаў і вапнякоў, перакрытых гарызантальнай эфузіўнай тоўшчай базальтавай лавы (магутнасць базальтаў складае 20—30 м). Сярод юрскіх гліністых сланцаў і пяcчанікаў на мысе Флора выяўлены буры вугаль.

Паверхня астравоў архіпелага Зямлі Франца-Іосіфа звычайна платопадобная. Сярэднія вышыні дасягаюць 400—490 м. Найвышэйшы пункт— 620 м (на востраве Венер-Нойштат).

Большасць астравоў уяўляе сабою пакрытыя ледавікамі астанцы шырокага базальтавага плато, а пралівы (глыбінёй да 500—600 м) — шырокія трогі, вывораныя ледавікамі. Галоўнымі элементамі ледавіковых покрываў з'яўляюцца ледавіковыя купалы і вывадныя ледавікі, ад франтальных абрываў якіх адколваюцца айсбергі; вольная ад лёду паверхня прадстаўлена невялікімі паводле плошчы "аазісамі", мысамі і нунатакамі, што месцамі ўздымаюцца з-пад ледавікоў. Параўнальна вялікія вольныя ад лёду тэрыторыі (на астравах Зямля Аляксандры, Зямля Георга, Греэм-Бел і Хейса) маюць узгорысты рэльеф.

Клімат архіпелага арктычны. Сярэдняя гадавая тэмпература да -12 °C (востраў Рудольфа), сярэднія тэмпературы ліпеня ад -1,2 °C у бухце Ціхай (востраў Гукера) да +1,6 °C (востраў Хейса), сярэдняя тэмпература студзеня каля -24 °C (мінімальныя тэмпературы зімой да -52 °C). Вецер дасягае 40 м/сек. Зіма трохі змякчаецца ўплывам цёплага Баранцава мора. У выніку блізкасці да арктычнага фронту астравы атрымліваюць даволі шмат ападкаў: за год выпадае ад 200—300 мм да 500—550 мм (у зоне акумуляцыі ледавіковых купалаў). Пераважная частка іх выпадае ў цвёрдым выглядзе і жывіць ледавікі — найбольш характэрны элемент краявіду Зямлі Франца-Іосіфа. Ледавікамі пакрыта 87% тэрыторыі. Магутнасць лёду вагаецца ад 100 да 500 м. Ледавікі, якія спускаюцца ў моры, ствараюць вялікую колькасць айсбергаў. Найбольш інтэнсіўнае зледзяненне назіраецца на паўднёвым усходзе і ўсходзе кожнага вострава і архіпелага ў цэлым. Лёдаўтварэнне адбываецца толькі на вяршынных паверхнях ледавіковых купалаў. Ледавікі архіпелага інтэнсіўна скарачаюцца. Вядома больш за 1000 азёр.

Зямлі Франца-Іосіфа — тыповая арктычная пустыня. Вольныя ад лёду ўчасткі пакрытыя разрэджанай расліннасцю.

На ўсіх астравах налічваецца толькі 37 відаў кветкавых раслін. Сустракаецца мохава-лішайнікавая тундра. Там, дзе ёсць расліннасць, яна пакрывае звычайна не больш 5—10 % паверхні. Гэта ў асноўным розныя віды лішайнікаў і мхоў, якія могуць быць вельмі яркімі і рознакаляровымі. Пад час кароткага лета на свет з’яўляюцца палярныя макі, каменяломнікі, казялец серна-жоўты і іншыя віды кветкавых раслін, якія здолелі прыстасавацца да экстрэмальных умоў Арктыкі.

З млекакормячых сустракаецца белы мядзведзь і радзей пясец. У водах, якія амываюць стравы, водзяцца нерпа, марскі заяц, грэнландскі цюлень, морж, нарвал і бялуха.

Участкі сушы, вольныя ад снегу і лёду, выкарыстоўваюцца марскімі птушкамі для гнездавання. Летам сюды прылятаюць каля 30 відаў птушак ( люрыкі, чысцікі, кайра, моеўка, белая чайка, бургамістр, птушка і інш.), з якіх многія гняздуюцца калоніямі. Асабліва шмат птушыных кірмашоў на паўднёвых і заходніх астравах Зямлі Франца-Іосіфа. На архіпелагу гняздуюцца 5 мільёнаў марскіх птушак. Найбуйны птушыны кірмаш у межах архіпелага — скала Рубіні-Рок налічвае 55 тыс. асобін.

На астравах Зямля Аляксандры і востраў Рудольфа ёсць палярныя станцыі. На востраве Хейса размешчаная геафізічная абсерваторыя імя Э. Т. Кренкеля (з 1957 года).

іншыя мовы
Afrikaans: Franz Josef-land
azərbaycanca: Frans-İosif Torpağı
беларуская (тарашкевіца)‎: Зямля Франца-Іосіфа
Bahasa Indonesia: Daratan Franz Josef
Nederlands: Frans Jozefland
norsk nynorsk: Frans Josefs land
srpskohrvatski / српскохрватски: Zemlja Franje Josifa
Simple English: Franz Josef Land
slovenščina: Dežela Franca Jožefa
српски / srpski: Земља Фрање Јосифа
татарча/tatarça: Франц-Иосиф җире
oʻzbekcha/ўзбекча: Frans-Iosif Yeri
Tiếng Việt: Zemlya Frantsa-Iosifa