Белару́ская мо́ва — нацыянальная мова беларусаў, уваходзіць у індаеўрапейскую моўную сям'ю, славянскую групу, усходнеславянскую падгрупу. Пашырана ў асноўным у Беларусі. Распаўсюджана таксама і ў іншых краінах, галоўным чынам у Польшчы, Украіне і Расіі[3]. Беларуская мова мае шмат агульных граматычных і лексічных уласцівасцей з іншымі ўсходнеславянскімі мовамі.
Сучасная беларуская мова існуе ў літаратурнай і дыялектнай формах. Асноўны масіў падзяляецца на 2 вялікія дыялекты: паўночна-ўсходні і паўднёва-заходні, паміж якімі знаходзіцца паласа пераходных сярэднебеларускіх гаворак. Літаратурная мова генетычна грунтуецца на гаворках цэнтральнай Беларусі[4].[?]
Алфавіт літаратурнай мовы створаны на аснове кірыліцы.
У 1990-х — 2000-х гадах практычна аформілася існаванне дзвюх беларускіх моўных норм[5]: нормы беларускай мовы, распрацаванай у 1933 годзе і рэфармаванай у 1953 і 2008 гадах, і нормы, распрацаванай Браніславам Тарашкевічам у 1918 годзе, т. зв. «тарашкевіцы».